Мая душа мае патрэбу распавесці…

ПАМЯЦЬ

Няма… Зусім няма… А нідзе… А ніколі… А ніяк… Горач… Смутак… Боль…

14 верасня на 71-м годзе жыцця перастала біцца сэрца Мікалая Мікалаевіча Новіка. Памёр ганаровы сын нашай Беларусі.

Ён нарадзіўся ў вёсцы Альхоўка, што на Случчыне, беларус кожнай косткай. У яго ёсць родны брат, які служыць Богу і тры сястры, што ў апошні раз чыталі вершы свайму брату.

Яшчэ ёсць верная жонка, цудоўныя дзеці і іх сем’і. Вельмі цудоўныя, вельмі верныя. Такія, што ў самы цяжкі час ад іх ішла неверагодная энергетыка святла, цеплыні і пяшчоты. Вы заўсёды былі разам, цяпер трэба вучыцца жыць без яго.

уууS5Mo

У 1995 годзе я прыйшла ў Незалежны прафсаюз гарнякоў. Тады адразу і сустрэлася з яго старшынёй – Мікалаем Мікалаевічам Новікам. Ён быў сапраўдным старшынёй Незалежнага прафсаюзу гарнякоў. Лепшым. Хачу адзначыць, што з таго часу і па сённяшні дзень гэта быў прагрэсіўны чалавек, які бачыў далёка наперад. З ім было цікава працаваць і жыць. Шмат якіх момантаў можна было ўзгадаць і, я думаю, што яшчэ ні адзін раз многа людзей гэта зробяць, і я таксама.

Зараз толькі хочацца адзначыць, што Мікалай Мікалаевіч быў заўсёды наперадзе, нічога не баяўся, змагаўся да канца дзён сваіх. Я магла яго слухаць гадзінамі, калі загараліся гэтыя вочы і вусны, распавядалі пра тое, да чаго мы яшчэ не дараслі ў нашай працы, і нават у сваіх думках.

Хвароба не дала магчымасці яму працаваць, але думаць — ніхто не мог перашкодзіць. Кожная сустрэча з ім – гэта было свята, свята маёй душы…

Мы звалі яго на канферэнцыі, Рады прадстаўнікоў, звярталіся за парадамі ў нялёгкія моманты жыцця прафсаюзу. І дапамога была заўсёды. Цяпер няма… Няма каму паглядзець у вочы…

Людзей, якія вырашылі развітацца са знакамітым Новікам, сабралася ня вельмі многа. Мне думалася, што іх будзе зашмат, але… Нейкі страх апанаваў людзей. Гэты каранавірус, арышты… Але нават у дзень развітання Мікалай Мікалаевіч Новік застаўся сабою, змагаром за права ЛЮДЗЬМІ ЗВАЦЦА!

Ён пажадаў накрыць яго ў труне бел-чырвона-белым сцягам і яго воля была выканана. На могілках лагодны вецер калыхаў другі сцяг барацьбы, калі сын, апусціўшыся на адно калена перад бацькам, гучна крыкнуў: “Гонар і годнасць!”

Няма… Зусім няма… Не, ёсць! Ён застаўся ў пяшчоце гэтай каханай жанчыны, у дзецях, якім падараваў жыццё, у любові да сваіх унукаў, у памяці брата, сясцёр і ўсей радні. Лепшы на свеце муж, тата, дзед, брат, сваяк, калега і чалавек!

Ён з намі назаўсёды. Яго кнігу “Каб людзьмі звацца” бачылі на плошчы, там чыталі зварот да шахцёраў, яго здымкі ёсць у кожным прафсаюзным кабінеце, а думкі па ўсёй Беларусі!

Жыве Беларусь! Жыве памяць!

З вялікай павагай, удзячнасцю за тое, што быў. Твая вучаніца Ірына Зыль.