Адбылася прэзентацыя Платформы БКДП «Годная праца для Беларусі»

КАНГРЭС

Раман ЕРАШЭНЯ

Учора ў мінскім канферэнц-цэнтры IBB адбылася прэзентацыя платформы Асацыяцыі прафсаюзаў Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюза (АП БКДП) пад назвай «Годная праца для Беларусі». У прэзентацыі прынялі ўдзел лідары і актывісты дэмакратычных прафсаюзаў, а таксама некаторыя беларускія палітыкі.

88088348_2903488963005733_446617405544726528_n

Прэзентацыя адбылася акурат за дзень да правядзення VIII-га з’езду праўладнай Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), але арганізатары прэзентацыі запэўнілі прысутных, што гэта чыстае супадзенне. Хаця, пытанняў як да ФПБ, так і да прадстаўнікоў кіраўніцтва краіны, хапала. Прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, ведаючы пра запланаванае мерапрыемства, прэзентацыю праігнаравалі.

Вядучы мерапрыемства намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч, адзначыў, што Платформа — гэта сумесная праца ўсяго Кангрэса, але ільвіная доля яе застаецца за нацыянальным юрыстам Аленай Яськовай.

- 28 студзеня ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Працоўнага кодэкса, усе тут прысутныя маюць дачыненне да праблемаў працоўных; і вы кожны дзень сутыкаецеся з тым, у якім стане сёння працоўнае заканадаўства, — узяў слова старшыня БКДП Аляксандр Ярашук. — У Працоўны кодэкс былі перанесены два дэкрэты. Сумная вядомы дэкрэт №29, мы ўсё ж чакалі, што ён будзе адменены як часовы акт, але ўбачылі, што яго поўнасцю перанеслі ў новую рэдакцыю Працоўнага кодэкса. А дэкрэт №5 істотна пагоршыў становішча працоўных і ўвёў сістэму празмерных пакаранняў на прадпрыемствах. Па сутнасці, мы маем найгоршы працоўны кодэкс у Свеце, які не мае аналагаў.

bnp_5

Ён нагадаў, што ўлады сёння паўсюдна заяўляюць пра «Мэты ўстойлівага развіцця Беларусі», але без годнай працы ўсе гэтыя мэты папросту прафанацыя:
- І мы сёння паспрабавалі ліквідаваць гэты прабел. І разабрацца ў тым, што з’яўляецца годнай працай і якім чынам яе дасягнуць.

Мэты ўстойлівага развіцця – гэта парадак дня ААН 2015 года, калі Беларусь далучылася да яе. Парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года — гэта план глабальных дзеянняў, накіраваных на абарону чалавечай годнасці і забеспячэнне міру і дабрабыту для людзей і планеты як сёння, так і ў будучыні.

Алена Яськова перад прэзентацыяй нагадала статус Беларусі на міжнародным узроўні і асабліва ў межах Міжнароднай Арганізацыі працы (МАП). Дзе Беларусь апошнія 20 гадоў узгадваюць, як парушальніцу асноўных канвенцый гэтай міжнароднай структуры:
- У працоўны кодэкс за гэты час уносіліся 19 разоў змяненні; і як правіла, яны пагаршалі стан працоўных. А новая рэдакцыя Працоўнага кодэксу беспрэцэдэнтна пагоршыла працоўныя правы ў нашай краіне. На постсавецкай прасторы няма падобнага заканадаўства.

Алена Яськова (у цэнтры)

Алена Яськова (у цэнтры)

На працягу гадзіны спадарыняй Аленай былі прадстаўлены асноўныя пазіцыі Платформы, характарызуючыя разуменне годнай працы і тлумачэнне да іх. Дакумент складаецца з блокаў, якія ўключаюць у сябе: Стварэнне працоўных месцаў, прадукцыйнасць працы, гарантыі працоўных правоў работнікаў, гендэрная роўнасць, годны заробак, ахова працы, сацыяльная абарона беспрацоўных, сацыяльныя гарантыі і пенсійнае забеспячэнне, сацыяльнае партнёрства. Па заканчэнні прэзентацыі ўдзельнікі мерапрыемства выказалі свае меркаванні па ўбачанаму і пачутаму.

Намесніца старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс адзначыла, што ў параўнанні з ФПБ, гэтая Платформа — добры паказальнік таго, што незалежныя прафсаюзы сапраўды думаюць аб працоўных.

Старшыня БНП Максім Пазнякоў

Старшыня БНП Максім Пазнякоў

Старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюза Максім Пазнякоў, назваў гэты дакумент — сумеснай інтэлектуальнай і годнай працай, дзе закрануты асноўныя сферы працоўнага і сацыяльнага развіцця нашай краіны:
— Гэта платформа павінна стаць мінімумам сацыяльных гарантый. Не можа такога быць, каб мінімальная заработная плата была меньшай за мінімальны пражытковы мінімум. Таму дзяржава абавязана ўзяць за аснову нашу платформу і імкнуцца яе выконваць, калі яна клапоціцца аб сваіх грамадзянах. Да таго ж я ўпэўнены ў тым, што ўсе палітычныя партыі павінны ўзяць за аснову гэту платформу для сваіх перадвыбарчых праграмаў.

Прадстаўнік Беларускага прафсаюза РЭП Ігар Комлік прапанаваў аб’яднацца ў адзін кулак, як прафсаюзам, так і партыям.

- Кожны беларус сёння думае, як яму зарабіць і дзе працаваць, а не разважае на глабальныя палітычныя тэмы, — лічыць сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Вольга Кавалькова. — Уладзе трэба пачуць прапановы. Сённяшнія прафсаюзы становяцца больш прафесійнымі, не толькі крытыкуючы ўладу, але яны ведаюць, што ёй прапанаваць і прапануюць ёй свае экспертныя напрацоўкі.

bnp_7

Вольга Кавалькова, БХД

У сваю чаргу яна паабяцала абмеркаваць гэтыя прапановы на ўзроўні сваіх калег з БХД.

Камуністаў на мерапрыемстве прадстаўляў лідар партыі «Справядлівы Свет» Сяргей Калякін, які на працягу гадзіны вывучаў дакумент Платформы БКДП з алоўкам. Пад час свайго выступу ён даў пазітыўную адзнаку дакументу, аднак перасцярог, каб гэта праца не стала адным з чарговых дакументаў, што кладуць на паліцу. Каб гэтага не адбылося, ён прапанаваў прафсаюзам і партыям займацца прасоўваннем дадзеных прапаноў на практыцы.

Сяргей Калякі, "Справядлівы Свет"

Сяргей Калякін, «Справядлівы Свет»

У завяршэнне прэзентацыі Аляксандр Ярашук падкрэсліў, што незалежныя прафсаюзы настойваюць на распрацоўцы дзяржаўнай праграмы па годнай працы з канкрэтнымі мэтавымі паказчыкамі і тэрмінамі іх паэтапнай рэалізацыі. Да рэалізацыі дадзеных прапаноў БКДП гатовы падключыцца ў якасці сацыяльнага партнёра.