Актывісты БНП прынялі ўдзел у перазахаванні парэшткаў Каліноўскага

ГІСТОРЫЯ


22 лістапада актывісты Беларускага Незалежнага прафсаюза прынялі ўдзел ва ўрачыстым перапахаванні парэшткаў паўстанцаў 1863-1864 гадоў пакараных смерцю ў Вільне.


Каля дзясятка актывістаў з Салігорска, Мінска і Наваполацка цягам 8 гадзінаў прымалі ўдзел у віленскіх урачыстасцях перапахавання Кастуся Каліноўскага, Зыгмунта Серакоўскага і яшчэ 18 удзельнікаў паўстання 1863–64 гадоў.

bnp_kastus

На перапахаванні былі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзідэнт Польшчы Анжэй Дуда. Прысутнічалі дэлегацыі Латвіі і Украіны. Афіцыйнай беларускай дэлегацыяй кіраваў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка. Ён сказаў, што Каліноўскі назаўжды ўпісаны ў гісторыю Беларусі, але яго асобу ня варта палітызаваць. Каталіцкі касцёл Беларусі прадстаўляў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Дэлегацыю ад Рады БНР узначаліла Івонка Сурвіла.

Пасля памінальнай імшы, што адбыліся ў Кафедральным саборы Святога Станіслава і выступу афіцыйных дэлегацый з Літвы, Польшчы, Беларусі, Украіны адбылося шэсце да могілак Росы, якое расцягнулася больш як на кіламетр.

Урачыстасці з нагоды перапахавання паўстанцаў працягнуліся да 24 лістапада. Капліца на могілках Росы, дзе ляжаць труны паўстанцаў, будзе адчынена для наведвання, пазней паўстанцаў пахаваюць у калумбарыі капліцы.

Кастусь Каліноўскі – адзін з лідараў нацыянальна-вызвольнага паўстання 1863–1864 гадоў, які стаў нацыянальным героем беларусаў, літоўцаў і палякаў. Па сутнасці, адзін з першых левых беларускіх палітычных дзеячаў і публіцыстаў.