Працоўныя самі вінаватыя ў тым, што іх прафсаюз амаральны

МЕРКАВАННЕ

Рэакцыя Валерыя Гарбацэвіча на артыкул у «Народнай воле» за 7 чэрвеня 2019 г. «Як у Лідскай ПМК-169 у прафсаюз прымаюць». У якой аўтар Міхаіл Карневіч распавядае аб ты, што работніка лідскага прадпрыемства «дыстанцыйна» без яго згоды прынялі ў прафсаюз, што ўваходзіць у ФПБ.

IMG_7584Цяжка не пагадзіцца з меркаваннем Віктара Шэндэровіча, што «норму паводзін у дзяржаве ўсталёўваюць самі людзі». Насамрэч, улада дае народу нейкую прапанову, якую грамадства або прымае, або адвяргае.

Калі прапанова амаральная і прымаецца грамадствам, то вінаватыя ў амаральнасці – самі людзі. Да прыкладу, беларусы адверглі «тунеядскі дэкрэт», бо не прыялі гэтую прапанову.

Такі ж малюнак і ў справе з прафсаюзамі. 4 мільёны беларусаў – сябры «камуністычнага» прафсаюза. Даешся дзіву, як БЕЛАРУС можа быць прыхільнікам камуністычнага ладу жыцця, пры якім камуністы знішчалі людзей у Беларусі толькі за тое, што яны – БЕЛАРУСЫ.

«Камуністычны» прафсаюз – ФПБ усё робіць, каб працягласць жыцця ў Беларусі была на 15 гадоў карацейшая за еўрапейскую. Што гэта, як не знішчэнне беларускай нацыі? Такое становішча з працягласцю чалавечага жыцця ў Беларусі склалася дзякуючы таму, што неразборлівым беларусам абыякава сяброўства ў прафсаюзе.

Сяброўства ў прафсаюзе, які не кажа тры словы – «кошт працоўнае сілы», – амаральны ўчынак з боку працоўнага чалавека.

Перабудова Міхаіла Гарбачова мела мэтай замяніць камуністычную амаральнасць атмасферай маралі. Але абыякавасць народа да таго, што адбываецца, дала чынавенству час, каб ачухацца і зноў пачаць амаралізоўваць жыццё. Але не ўсе працоўныя аказаліся капатунамі.

Валерий ГорбацевичПрасунутыя людзі стварылі Беларускія прафсаюзы, якія паспелі сказаць тры словы, – «кошт працоўнай сілы» – чым змянілі маральную атмасферу ў сваіх арганізацыях.

А Незалежны прафсаюз гарнякоў Беларусі з дапамогай навуковай аргументацыі і страйку здолеў растлумачыць уладзе неабходнасць павелічэння кошту працоўнай сілы аж у 3 разы!

Варта зазначыць, што камуністычны прафсаюз ВА «Беларуськалій» не стаў на бок працоўных і не патрабаваў пабольшання заробку ў 3 разы. Але калі ўсё склалася добра і заробак быў пабольшаны ў 3,2 разы, камуністычны прафсаюз зрабіў па-звычцы чарговы камуністычна-амаральны ўчынак – «прыватызаваў» дасягненні НПГ. Працоўныя, якія сябруюць у гэтым «прафсаюзе» прынялі амаральнасць, як патрэбу жыцця. Сёння гэтай амаральнасцю карыстаецца адміністрацыя прадпрыемства, каб уздзейнічаць на сяброў НПГ і зноў зацягнуць іх у амаральнае жыццёвае балота.

Амаральнасць камуністычнага ладу жыцця, які зберагаецца ў Беларусі, палягае ў тым, што страты біялагічнай энергіі, якія маюць месца пад час выканання чалавекам працоўных абавязкаў, не ўлічваюць і не аплочваюць, а камуністычны прафсаюз пра гэта маўчыць. Сяброўства ў такім «прафсаюзе» – натуральная амаральнасць.

Нават уладзе стала няёмка ўжо «развіваць» свае амаральныя прапановы грамадству. Таму з’явілася на свет Пастанова №5 Міністэрства працы і сацыяльнага развіцця ад 23 студзеня 2019 г., якая кожнаму беларусу вызначыла годную месячную мінімальную колькасць грошай на існаванне. Гэтая Пастанова – тэст грамадства на амаральнасць або маральнасць яго грамадскіх утварэнняў – прафсаюзаў.

І калі прафсаюз не зверне ўвагі на гэтую ПАСТАНОВУ, то яго амаральнасці няма мяжы і быць «сябрам» такога прафсаюза – тая ж «амаральнасць».

Валер ГАРБАЦЭВІЧ, Салігорск.