Узмацненне ўплыву прафсаюзаў у пашыранай Еўропе: рэгіянальная канферэнцыя глабальнага саюза IndustriALL

ГЛАБАЛЬНЫЯ ПРАФСАЮЗЫ

15 мая ў сталіцы Еўразвяза Брусэлі адбылася рэгіянальная канферэнцыя Глабальнага саюза IndustriALL, які аб’ядноўвае 50 мільёнаў рабочых у 140 краінах у горназдабыўной, энергетычнай і апрацоўчай прамысловасцях і з’яўляецца моцнай сілай у глабальнай салідарнай барацьбе за паляпшэнне ўмоў працы і правоў прафсаюзаў па ўсім свеце.

Гэтым разам канферэнцыя аб’яднала прадстаўнікоў сяброўскіх арганізацый з Еўразвяза, Турцыі і краін Новых Незалежных Дзяржаў. З беларускіх сяброўскіх арганізацый прысутнічалі тры прафсаюзы: БНП, РЭП і Белхімпрафсаюз.

На адкрыцці канферэнцыі прамаўлялі генеральный сакратар Глабальнага саюза IndustriALL брат Вальтэр Санчэс і генеральны сакратар еўрапейскага IndustriALL Люк Трайэнгл.

32918112777_875bd7439b_zЯны абагульнiлi глабальныя і еўрапейскія выклікі, з якімі сутыкаюцца прафсаюзы. Адзін з асноўных выклікаў – гэта наступ на правы прафсаюзаў, звязаны з панаваннем неаліберальных палітычных плыняў у краінах, якія робяць надвор’е ў сваіх рэгіёнах і паўсюль у свеце: абранне правых і права-радыкальных кандыдатаў у Бразіліі, ЗША, Індыі. Пазней таксама абмяркоўвалі выбары ў Еўрапарламент ў дачыненні да дзеянняў прафсаюзаў адносна агітацыі шараговых сябраў прафсаюзаў. Брэкзіт – выхад Велікабрытаніі з Еўрапейскага саюза – таксама адзін з выклікаў прафсаюзам.

Прывядзем тут больш дэтальна інфармацыю з часткі канферэнцыі, якая тычылася свабоды аб’яднання і парушэння правоў прафсаюзаў у нашым рэгіёне.

32918112977_32d25dc478_z

Пра рэгіён Новых Незалежных Дзяржаў зрабіў уступныя заўвагі рэгіянальны сакратар IndustriALL Вадзім Барысаў. Ён закрануў у выступе становішча ў прафсаюзным руху ва Ўкраіне, Беларусі, Расii, Кыргызстане.

47810044982_511bd3e93f_z

Па парушэннях правоў прафсаюзаў было праведзена даследванне Міжнароднай Канфедэрацыяй прафсаюзаў “Індэкс глабальных правоў”. Па рэзультатах гэтага даследвання выказваўся Антон Леппік — адказны сакратар Агульнаеўрапейскага рэгіянальнага савета Міжнароднай Канфедэрацыі прафсаюзаў.

Былі выступы прадстаўнікоў прафсаюзаў з Украіны і Грузіі. Час падыйшоў да распаведу аб дзейнасці прафсаюзаў у Беларусі. Аб працы прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці зрабіў прэзентацыю Андрэй Стрыжак – сябра выканаўчага камітэта РЭП.

32918112527_9ef4b95fea_z

А з каментарамі пасля секцыі аб парушэнні правоў прафсаюзаў выступілі прадстаўніцы беларускіх прафсаюзаў з розных лагераў: Лізавета Мерляк – міжнародны сакратар Беларускага Незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў; і Святлана Клачок – старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай галін прамысловасці – Белхімпрафсаюза.

Прывядзем прамову нашага прадстаўніка:

“Дарагія сёстры і браты, дзякую за мажлівасць выказацца. Па-першае, дазвольце выказаць падзяку нашым украінскім і грузінскім сябрам за самы актыўны ўдзел у міжнароднай кампаніі салідарнасці з Беларускім Незалежным прафсаюзам.

Калі гаворка ідзе аб пашыранай Еўропе, мы павінны больш уважліва зірнуць на краіны, якія мяжуюць з Еўрасаюзам. Адной з іх з’яўляецца Беларусь. Гэта абсалютны чэмпіён па з’яўленні ў чорных спісах парушальнікаў правоў працоўных і бесперапыннага невыканання рэкамендацый Міжнароднай Арганізацыі Працы. Узгадаем тое, што краіна 8 разоў узгадвалася ў адмысловым пункце Камітэта па нормах працы МАП.

Так званая беларуская справа аб парушэнні правоў працоўных абмяркоўваецца ў рамках МАП на працягу 19 гадоў з 2000 года.

Правы працоўных, якія парушае Беларусь — фундаментальныя: свабода аб’яднання і вядзенне калектыўных перамоў — Канвенцыі МАП 87 і 98, а таксама ліквідацыя ўсіх формаў прымусовай ці абавязковай працы, Канвенцыя МАП 29.

У 2004 годзе МАП прызначыла камісію па расследаванні парушэнняў правоў працоўных у Беларусі. Пасля завяршэння працы камісіі па расследаванні, былі сфармуляваны 12 рэкамендацый для ўрада Беларусі па выпраўленні сітуацыі. За адмову ўрада выканаць рэкамендацыі МАП у 2007 годзе, Беларусь страціла свае гандлёвыя прэферэнцыі ў рамках абагульненай схемы прэферэнцый з ЕС і ЗША. Дзяржава страціла нямала грошай, але не падобна, каб гэта навучыла чаму-небудзь беларускі ўрад.

Беларусь з’яўляецца абсалютным чэмпіёнам у лічбах прафсаюзнага членства. У той час як лік сяброў прафсаюзаў памяншаецца па ўсім свеце, Францыя 11,2%, Германія 17,7%, 96% працаздольнага насельніцтва Беларусі (4 млн) з’яўляецца членамі дзяржаўных прафсаюзаў. Можаце называць гэта цудам беларускага дзяржаўнага арганайзінгу.

Возьмем, напрыклад, генеральнага дырэктара ААТ Беларуськалі — чацвёртага найбуйнейшага сусветнага вытворцы калійных угнаенняў: ён з’яўляецца працадаўцам, які з’яўляецца сябрам раённага выканаўчага камітэта (дзяржавы) і сябрам Белхімпрафсаюза (прафсаюза) у адзін і той жа час – такі сабе трыпартызм ў адной асобе. Такі цуд арганайзінгу ў маёй краіне. Супрацьстаянне такому трохбаковаму фенамену перацягвае незалежны прафсаюзны рух на палітычнае поле. Ці можа хто-небудзь ўявіць сабе працоўнага, які стаіць перад такім выклікам самастойна адзін-на-адзін?

Метады, якія выкарыстоўваюцца ў дачыненні да нашых сябраў, з-за чаго мы нядаўна згубілі столькі людзей, апісаныя ў 6-м выданні рашэнняў Камітэта па свабодзе аб’яднання МАП наступным чынам:

1202: “Распаўсюджванне заяў аб выхадзе з прафсаюза, інтэрв’ю «адзін на адзін», каб пераканаць выйсці з прафсаюза з’яўляюцца актамі ўмяшання”.

То бок, гэта парушэнне канвенцый МАП 87 і 98 у чыстым выглядзе. Гэта не пройдзе незаўважаным і беспакараным.

Перадусім мы цэнім дэмакратыю; а дэмакратыя на працы, на прадпрыемстве залежыць ад якасці прафсаюза. Мы працягваем змагацца за свае правы!”

Прадстаўніца Белхімпрафсаюза прамаўляла з абарончай пазіцыі, якую мы ведаем. Казала пра прывядзенне дзейнасці першасных арганізацый у згоду са статутам Белхімпрафсаюза ў перадвыбарны год у арганізацыі. Падтвердзіла тое, што насамрэч вяліся размовы з нашымі сябрамі адзін-на-адзін.

Пры падсумаванні панэльнай дыскуссіі Антон Леппік распавёў аб кароткім і доўгім спісках камітэта па нормах МАП. Кароткі спісак будзе разглядацца на Міжнароднай Канферэнцыі Працы ў чэрвені гэтага года. У доўгі спісак патрапілі і краіны з рэгіёна Еўропы і Новых Незалежных Дзяржаваў: Турцыя і Велікабрытанія, Грэцыя, Україна, Таджыкістан, Сербія, Казахстан і Беларусь (праз парушэнне канвенцыі МАП 29 аб ліквідацыі ўсіх формаў прымусовай ці абавязковай працы).

1

Канферэнцыя за адзін дзень узняла столькі пытанняў, звязаных з тэмай пашырэння ўплыву прафсаюзаў, прафсаюзнай пабудовы, каштоўнасцяў прафсаюзнага руху, што ў адным артыкуле немагчыма ўзгадаць.

Georgian union

Трэба толькі дадаць, што такія мерапрыемствы каштоўныя тым, што пад іх час мы можам сустрэцца са сваімі сёстрамі і братамі, дамовіцца аб супрацы, падтрымцы адзін аднаго.