Незалежны прафсаюз пачаў збор подпісаў

КАМПАНІЯ

Беларускі Незалежны прафсаюз пачаў кампанію па збору подпісаў супраць уключэння нормаў Дэкрэтаў №29 і №5 у Працоўны кодэкс. Дадзены законапраект дэпутаты ўжо прынялі ў першым чытанні пад час вясенняй сэсіі. Другое чытанне законапраекту намечана на восеньскую сэсію у гэтым годзе.

trud (1цуеу)

З гэтай прычыны першасная арганізацыя БНП у Салігорску – Незалежны прафсаюз гарнякоў ААТ “Беларуськалій” ужо пачаў збор подпісаў сярод работнікаў і падаў заяўку аб правядзенні пікета на 12 кастрычніка. Асноўнай мэтай акцыі з’яўляецца зварот ўвагі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

- Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прапанавала парламенту ўнесці змены ў Працоўны кодэкс амаль у паўтары сотні артыкулаў, што склала каля 35% самага кодэкса, — адзначыў у сваім інтэрв’ю лідэр НПГ Сяргей Чаркасаў.  — Большасць змяненняў і дапаўненняў можна прымаць, бо яны рэгулююць гендэрныя пытанні, новыя формы працы. Разам з гэтым, Мінпрацы прапанаваў узаконіць у ТК нормы Дэкрэтаў №29 і №5. З чым мы не згодныя. «Дзякуючы» Дэкрэту №29 працоўныя адносіны ў Беларусі сталі часовымі: такая форма, як кантракт, стала паўсюднай.

На думку прафсаюзнага актыву, гэтыя нормы прывядуць да пагаршэння прававога становішча працоўных і ператвораць Працоўны кодэкс у адзін з горшых з-за татальнага распаўсюджвання кантрактнай формы найму.

Другім пытаннем, з’яўляецца прапанова дэпутатам праявіць заканадаўчую ініцыятыву і вынесці на разгляд пытанне, якое тычыцца змены арт. 66 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні».

Удзел у кампаніі прымаюць не толькі першасныя арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюза, але і ўсе прафсаюзы, што ўваходзяць у Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў. Рашэнне аб гэтым, было прынята кіруючым ворганам прафсаюзанай асацыяцыі.

_______________________________________________________________________________

Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь
Дэпутатам Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь

Мы, грамадзяне Беларусі, звяртаемся да Вас.

У першым чытанні Вы галасавалі за Закон аб уключэнні нормаў дэкрэту №29 і дэкрэту №5 у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, такім чынам зрабіўшы першы крок да ўзаконьвання прымусовай працы. Мы лічым, што з гэтымі нормамі Працоўны кодэкс нашай краіны стане адным з найгоршых: з-за татальнага распаўсюджвання кантрактнай формы найму, якая ператварылася ў разнастайнасць прымусовай працы, паколькі работнікі не маюць гарантыі працы пасля заканчэння кантракта, не могуць самастойна звольніцца без наступстваў. Незалежныя прафсаюзы яшчэ два гады таму выказалі сваю пазіцыю па дадзенаму пытанню, але безвынікова.

Мы, вашыя выбарцы, патрабуем ад Вас не галасаваць за сярэднявечныя стандарты працы і ў другім чытанні адхіліць змены, прапанаваныя Ўрадам Беларусі ў Працоўны кодэкс. Праявіце мужнасць і прынцыповасць, і вашыя выбаршчыкі будуць Вам удзячны за Вашу грамадзянскую пазіцыю.

Па-другое. Звяртаемся да Вас з прапановай праявіць законатворчую ініцыятыву і вынесці на разгляд пытанне, якое тычыцца Закона «Аб пенсійным забеспячэнні», а дакладней змены артыкула 66: выкрэслівання ў ім словаў: «пры ўмове атрымання пенсіі за гэты перыяд».

На наш погляд, гэтая норма не гуманная і не справядлівая. Паколькі, не ўлічваць стаж працы і не рабіць яе пералік пры дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, калі чалавек, працягваючы працаваць, атрымлівае не поўную «ільготную» пенсію, проста з’яўляецца здзекам. Пры тым, што за гэты перыяд робяцца ўсе пералічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Таму, на падставе вышэй сказанага і ў сувязі з павелічэннем пенсійнага ўзросту, просім Вас падтрымаць дадзеную прапанову і прагаласаваць за змену артыкула 66.

_______________________________________________________________________________

Спампаваць падпісны бланк

Акрамя збораў подпісаў, Незалежны прафсаюз пачаў збор подпісаў анлайн на сайце change.org