Ураду Беларусі парэкамендавалі прыняцць усе меры для забароны выкарыстання прымусовай працы

МАП

Больш за 5000 акрэдытаваных дэлегатаў з 187 дзяржаў-сябраў МАП прынялі ўдзел у 107-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы, якая праходзіла з 28 траўня па 8 чэрвеня ў Жэневе. На пасяджэнні Камітэта па нормах і стандартах адбыўся разгляд і «беларускага пытання».

Выступ Гая Райдэра генеральнага дырэктара Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Выступ Гая Райдэра генеральнага дырэктара Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

У прыватнасці, гаворка ішла аб выкананні Беларуссю Канвенцыі МАП № 29 «Аб недапушчэнні прымусовай працы». У абмеркаванні прынялі ўдзел 22 чалавекі, якія прадстаўлялі ўрад, працадаўцаў і працоўных. У паседжанні прымаў удзел і старшыня БКДП Аляксандр Ярашук, які выступіў з пазіцыі незалежных прафсаюзаў Беларусі.

- Працягвае дзейнічаць дэкрэт №29, у адпаведнасці з якім практычна ўсе работнікі краіны пераведзены на тэрміновыя працоўныя кантракты. Пасля чаго Беларусь стала адзінай у свеце краінай часовай занятасці, а такая цывілізаваная форма найму як тэрміновыя працоўныя кантракты з-за празмернага распаўсюджвання ператварыліся ў разнавіднасць прымусовай працы, паколькі працаўнікі не могуць звольніцца да іх заканчэння, — адзначыў прафсаюзны лідэр.

Аляксандр Ярашук у сваім выступленні закрануў і прымяненне дэкрэта №5, якім уведзены жорсткія крытэры працоўнага найму, змяненняў істотных умоваў працы, неадпаведная сістэма пакаранняў і накладання на работнікаў штрафаў. Было сказана і пра дэкрэт №3, што абавязвае беспрацоўных выплачваць дзяржаве збор і які выклікаў вясной 2017 году масавыя акцыі пратэсту.

Выступ старшыні БКДП А.І. Ярашука

Выступ старшыні БКДП А.І. Ярашука

Акрамя таго, норму дэкрэтаў №29 і №5 улады спрабуюць замацаваць у Працоўным Кодэксе. Урад унёс адпаведны праект закона ў Нацыянальны сход.

________________________________________________________________________________

- Калі закон будзе прыняты, то беларускі Працоўны Кодэкс з замацаванымі нормамі прымусовай працы стане горшым у свеце, — адзначыў Ярашук.

________________________________________________________________________________

Было адзначана, што ў Беларусі працягвае функцыянаваць сістэма прымусовай працы ў лячэбна-працоўных прафілакторыях, куды накіроўваюць хворых на алкагалізм. Па-ранейшаму прымушаюць да працы бацькоў, з сем’яў якіх дзяржава канфіскавала дзяцей. Квітнее практыка прымусовага прыцягнення грамадзян да суботнікаў.

- Ураду пара б зразумець, што нельга ў XXI-м стагоддзі кіраваць практыкамі XIX-га стагоддзя. Што немагчыма, вяртаючыся ў мінулае, будаваць будучыню, — рэзюмаваў свой выступ Аляксандр Ільіч.

Выступалі і прадстаўнікі ўрада і ФПБ. Міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч заявіла, што яе ўрад мае намер дзейнічаць у адпаведнасці з міжнароднымі працоўнымі нормамі і накіруе дадатковую інфармацыю ў Камітэт Экспертаў з тым, каб спрыяць лепшаму разуменню мераў, што прымаюцца для выканання Канвенцыі. Яна падкрэсліла, што мэтай гэтых мераў, прынятых урадам, з’яўляецца барацьба з пэўнымі непажаданымі з’явамі, як алкагалізм і наркаманія праз аказанне дапамогі, рэабілітацыі і прадастаўлення паслугаў па абароне дзяцей.

Па выніках пасяджэнняў былі зроблены наступныя высновы Камітэта па нормах 107-й Сесіі МАП:

Прымаючы пад увагу прадстаўленыя ўрадам матэрыялы і вынікі наступнай дыскусіі, Камітэт рэкамендаваў ураду:

■ працягнуць прыняцце ўсіх мераў для забароны выкарыстання прымусовай працы ў поўнай адпаведнасці з Канвенцыяй №29 і ўстрымлівацца ад прыняцця заканадаўства, якое сугучна і можа прыводзіць да выкарыстання прымусовай працы;
■ прадаставіць Камітэту экспертаў інфармацыю, якая адносіцца да дзеяння палажэнняў прэзідэнцкага Дэкрэта № 182 як у галіне права, так і на практыцы;
■ прадаставіць Камітэту экспертаў інфармацыю, якая пацвярджае замену Дэкрэта № 3 прэзідэнцкім Дэкрэтам № 1, уключаючы інфармацыю, якая адносіцца да дзеяння гэтага дакумента як у галіне права, так і на практыцы;
■ працягваць прадастаўляць інфармацыю аб рэалізацыі Закона № 104-3 на практыцы, улічваючы колькасць асоб, змешчаных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і абавязаныя працаваць, што з’яўляецца формай рэабілітацыі;
■ працягваць прымаць тэхнічную дапамогу для поўнага забеспячэння адпаведнасці Канвенцыі № 29 як у галіне права, так і на практыцы.

Камітэт заклікае ўрад працягваць супрацоўнічаць з МАП з тым, каб дамагацца забароны выкарыстання прымусовай працы і інфармаваць аб прынятых мерах на наступным паседжанні Камітэта Экспертаў.

крыніцы: www.bkdp.org, www.ilo.org