Прадстаўнікі БКДП прымаюць удзел у 106-й сэсіі Міжнароднай Канферэнцыі Працы

КАНФЕРЭНЦЫЯ ПРАЦЫ

Больш за 4000 дэлегатаў з усяго свету сабраліся ў Жэневе(Швейцарыя) на 106-ую сэсію Міжнароднай Канферэнцыі Працы, у тым ліку і прадстаўнікі Беларускага Кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (АП БКДП) — Аляксандр Ярашук, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў і член адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), намеснік старшыні БКДП Сяргей Антусевіч і старшыня НПГ ААТ «Беларуськалій» Сяргей Чаркасаў.

Асноўныя пытанні гэтай канферэнцыі — «зялёныя» працоўныя месцы, працоўная міграцыя, бяспека працы.

106-ю сэсію Міжнароднай канферэнцыі працы (МКП) адкрыў Гай Райдэр — генеральны дырэктар Міжнароднай арганізацыі працы. Прадстаўляючы свой даклад, у гэтым годзе пад назвай «Праца ў мяняючымся клімаце: Зялёная ініцыятыва», ён падкрэсліў, што «магчымасць азелянення вытворчасці стане магутным рухавіком для стварэння годнай працы і моцнага і збалансаванага росту і развіцця».

- Мы маем меабходнасць ў правільнай палітыцы, каб зрабіць пераход і зрабіць яго справядлівым, - адзначыў Райдэр. — І як любы працэс пераменаў на працы, які запатрабуе сумесных намаганняў урадаў, працадаўцаў і работнікаў з дапамогай сацыяльнага дыялогу.

Спецыяльны камітэт канферэнцыі абмяркуе працоўную міграцыю і праблему кіравання. Яе высновы, як чакаецца, будуць падмацаваныя абмеркаваннямі ў ААН.

Райдэр прадставіў Табарэ Васкеса, прэзідэнта Уругвая, як прадстаўніка краіны, якая «ў апошнія гады дабілася перамогі ў барацьбе за дэмакратыю і мае сёння моцныя, кансалідаваныя інстытуты і палітычную культуру дыялогу».

bkdp_ilo

на фота: C.М. Чаркасаў, А.І. Ярашук, С.Я. Антусевіч

Выступаючы, прэзідэнт Уругвая заклікаў дэлегатаў не чакаць будучыні, а будаваць «свет працы, які адпавядае інтарэсам усіх». Па словах ганаровага госця, сацыяльны дыялог паміж урадамі, прафсаюзамі і арганізацыямі працадаўцаў з’яўляецца «ключом да сацыяльнага кантракту і дэмакратыі» і незаменны для ўстойлівага прагрэсу.

Падчас Канферэнцыі камітэты рабочых, працадаўцаў і прадстаўнікоў урадаў будуць разглядаць пытанне аб тым, як найлепшым чынам садзейнічаць міру і стабільнасці пасродкам магчымага перагляду Рэкамендацыі 1944 года (пераход ад вайны да міру) (№ 71). Прасоўванне магчымасцяў годнай працы з’яўляецца ключавым у краінах, якія перажылі крызіс, канфлікт і катастрофу.

Іншыя камітэты абмяркуюць асноўныя прынцыпы і правы ў сферы працы, у рамках Дэкларацыі МАП аб сацыяльнай справядлівасці. Канферэнцыйны камітэт па ўжыванню стандартаў разгледзіць сітуацыю з працоўнымі правамі ў краінах па ўсім свеце.

- Акрамя прысутнасці на адкрыцці Канферэнцыі нам удалося правесьці кансультацыі з прадстаўнікамі МКП, прафцэнтраў Украіны, Расіі, а таксама ў ACTRAV. На сённяшні дзень у нас на ганебным шляху парушэнняў правоў работнікаў і прафсаюзаў з’явіліся моцныя «канкурэнты». Напрыклад, Казахстан і Турцыя. - дзеліцца сваімі ўражаннямі ад канферэнцыі Сяргей Антусевіч. — Плюс да ўсяго, разгляд таго ці іншага пытання з’яўляецца прадметам кампрамісу групы працоўных і групы працадаўцаў. Так, напрыклад, некалькі гадоў таму не прыйшлі да згоды ні па аднаму краінаваму выпадку. Але, тым не менш, кантрольныя механізмы МАП, на прыкладзе Беларусі, паказалі сваю эфектыўнасць.

Ад Беларусі, акрамя прадстаўнікоў Незалежных прафсаюзаў, у Канферэнцыі прымае ўдзел і дэлегацыя Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на чале з міністрам Ірынай Касцевіч.

Міжнародная канферэнцыя працы збіраецца адзін раз на год у Жэневе (Швейцарыя). Штогадовы «сусветнай парламент працы» аб’ядноўвае больш за 5000 дэлегатаў ад урадаў, працоўных і працадаўцаў з 187 дзяржаў-членаў МАП.