У Слоніме затрыманы сябр Беларускага Незалежнага прафсаюза

ТЭРМІНОВА

У Слоніме затрыманы сябр Беларускага Незлежнага прафсаюза Віктар Марчык, які ўзяў на сябе ініцыятыву за правядзенне мітынгу пратэсту.

«Мы ішлі пасля акцыі па вуліцы 17 верасня, нас было пяць чалавек. Раптам пад’ехаў бус — чорны «Форд» без нумароў, выскачылі хлопцы ў чорным, заламалі Віктара, укінулі ў бус, — расказаў карэспандэнту «Нашай Нівы» жыхар Слоніма Павал Севасцян. — Толькі пазналі аднаго з тых, у цывільным: яго прозвішча Шчурскі, ён супрацоўнік РАУС.

43242

У міліцыі паведамілі, што Віктар Марчык цяпер у ізалятары часовага ўтрымання, дзе ен застанецца да судзебнага паседжання. Яму інкрымінуюць артыкул 23.34 АК — арганізацыя несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Маршу ў Слоніме папярэднічала масавае застрашванне людзей. Міліцыя ездзіла на прадпрыемствы і засцерагала людзей ад удзелу. Дзяржаўныя СМІ таксама знялі шэраг праграм, у якіх выстаўлялі ўдзельнікаў пратэстаў ворагамі народу. Нягледзячы на гэта акцыя пратэсту супраць Дэкрэта №3 прайшла ў горадзе. На вуліцу выйшлі некалькі сотняў чалавек, якія ў выніку дамагліся сустрэчы з уладамі раёна.

reakcyja01

Людзі патрабавалі працы, старшыня райвыканкаму Таргонскі казаў, што гатовы да кампрамісу, але «не трэба заробак называць палучкай» і «каля аднаго веніка па пяць чалавек стаяць не будзе, а грошы трэба зарабіць». У прыватнасці, ён сказаў пра перамовы з Астравецкім раёнам наконт працы слонімцаў на будаўніцтве Астравецкай АЭС.

Аляксандр Лукашэнка на публіку заявіў аб тым, што людзям трэба даць магчымасць выказацца, але правакатараў выкалупліваць як разынкі з булачак. Пасля гэтага за 15 дзён у краіне затрымалі як мінімум 210 чалавек, з іх, каля 50 — прафсаюзныя актывісты, фактычна ўсе сябры Незалежнага прафсаюза РЭП. Віктар Марчык, пакуль што, першы затрыманы сябр БНП. У Незалежным прафсаюзе заклапочаны дзеяннімі міліцыі і патрабуюць вызвалення ўсіх затрыманых.

Паводле НН