Зварот грамадзян у абарону рабочых «Граніта» і выкладчыкаў Гродзенскага ўніверсітэта

ЗБОР ПОДПІСАЎ

nn.by

У Беларусі працягваюцца звальненні з працы па палітычных матывах.

З Мікашэвіцкага прадпрыемства «Граніт» звольнены актывіст незалежнага прафсаюза Анатоль Літвінка. Раней з гэтага ж прадпрыемства былі звольненыя актывісты Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Алег Стахаевіч, Мікалай Карышаў, Генадзь Паўлоўскі, Людміла Літвінка, Віталь Пашэчка, а з полацкага завода «Шкловалакно» — старшыня суполкі Свабоднага прафсаюза Віктар Стукаў.

З Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы па палітычных матывах звольнены прафесар Вячаслаў Швед. Раней у той жа навучальнай установе страціў працу дацэнт Андрэй Чарнякевіч. У знак пратэсту супраць палітычнага пераследу і пад ціскам з гэтага ўніверсітэта вымушаны быў сысці старшы выкладчык Ігар Кузьмініч.

Звальненне з працы па палітычных матывах — не толькі парушэнне працоўнага заканадаўства і міжнародных абавязацельстваў у рамках Міжнароднай арганізацыі працы. Гэта парушэнне Канстытуцыі і законаў Беларусі, чаго ўлады не могуць не разумець, і тым не менш не спыняюцца ў сваіх дзеяннях.

Мы лічым, што гэта адбываецца не толькі таму, што пазбаўленне працы, пагроза звальнення — механізм уздеяння на іншадумцаў унутры краіны, нагнятанне атмасферы страху.

Гэта яшчэ й інструмент замежнай палітыкі, які скарыстоўваецца менавіта тады, калі назіраюцца тэндэнцыі да нармалізацыі адносінаў з Еўрасаюзам.

І кожны раз гэта робіцца для таго, каб абвастрыць адносіны з аб’яднанай Еўропай. Ва ўладзе ёсць людзі, якія не хочуць, каб адносіны Беларусі з еўрапейскай сям’ёй народаў паляпшаліся. Пакуль гэтыя сілы будуць мець уплыў, датуль яны будуць напружваць сітуацыю, скіроўваючы Беларусь на ўсход, у Расію. Менавіта яны з’яўляюцца «пятай калонай».

Такая палітыка вельмі небяспечная, бо можа прывесці да страты незалежнасці.

Таму мы заклікаем усіх, у тым ліку тых прадстаўнікоў улады, якім насамрэч дарагая Беларусь, супрацьстаяць гэтай «пятай калоне».

Мы заклікаем беларускае грамадства выказаць салідарнасць з усімі, каго звальняюць з працы, выключаюць з навучальных устаноў, падвяргаюць пераследу па палітычных матывах. Мы заклікаем дапамагаць ім маральна і матэрыяльна.

Мы заклікаем Міжнародную арганізацыю працы, прафсаюзныя арганізацыі, міжнародную дэмакратычную супольнасць адэкватна адрэагаваць на парушэнні ў Беларусі аднаго з асноўных правоў чалавека — права на працу.

Мы патрабуем ад уладаў безумоўнага выканання працоўнага заканадаўства і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Акудовіч Валянцін, філосаф
Арлоў Уладзімір, пісьменнік, гісторык
Барадулін Рыгор, народны пісьменнік Беларусі
Булгакаў Валер, філосаф
Бураўкін Генадзь, паэт, былы пасол Беларусі пры ААН
Вольскі Лявон, спявак
Гулак Алег, старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта
Колас Уладзімір, педагог, старшыня Рады інтэлігенцыі
Краўцэвіч Алесь, доктар гістарычных навук
Мазынскі Валер, рэжысёр, былы кіраўнік Коласаўскага тэатра
Марачкін Аляксей, мастак
Мілінкевіч Аляксандр, фізік, старшыня Руху за Свабоду, экс-кандыдат у прэзідэнты
Някляеў Уладзімір, паэт, лідар кампаніі «Гавары праўду» , экс-кандыдат у прэзідэнты
Смалянчук Алесь, доктар гістарычных навук

* * *

Аўтары звароту перапрашаюць, што мелі мала часу, каб абтэлефанаваць большую колькасць людзей на этапе, што папярэднічаў першапублікацыі звароту, і заклікаюць усіх далучаць свае подпісы ў каментах пад ім. Зварот будзе дасланы ў адпаведныя прадпрыемствы і ўстановы і распаўсюджаны ў свеце.

Паставіць свой подпіс можна тут